АФИША

Навигация



Поиск



Авторизация

     
    • Регистрация


Партнеры



Реклама



BRUTTO – Партызаны, беларускія сыны (рецензия от budzma)


Каманда Міхалка пакінула ў спакоі спартовую тэматыку. Цяпер музыкі граюць у “партызан-рок” – тэму для беларускай музыкі ўжо ня новую.

Па шчырасьці, да выхаду гэтага альбому, захоўвалася слабая надзея, што распад “Ляпісаў” на дзьве творчыя адзінкі – гэта проста прома-фінт: вось яны яшчэ пакпяць адно з аднаго, напішуць парачку дзіўных сынглаў паасобку, каб потым разам пасьмяяцца з усяго. Але не – усё сур’ёзна, Міхалок жорстка адрэзаў гэты кусок. На другім альбоме Brutto ўжо не чапае спартовай тэмы, яна адпрацавала на дэбютніку і зрабіла сваю справу, прыцягнуўшы ўвагу да новага праекту. Цяпер музыкі граюць у “партызан-рок” – тэму для беларускай музыкі ўжо ня новую, калі згадаць N.R.M. сярэдзіны 90-х. А музычна ды ідэйна гэты альбом па сутнасьці працягвае “Рабкор” – рэліз як бы “ляпісаўскі”, але зусім ім не ўласьцівы. Новага нічога, затое як надзённа і актуальна. Зрэшты, на майкі з Чэ Геварам заўжды будзе попыт.

Падчас праслухоўваньня альбому не пакідае адчуваньне, што ён пакаваўся на хуткую руку ў няпросты, а можа, нават крызісны час. Тэма абраная, заявы зробленыя, даты абазначаныя, туры дамоўленыя, а аўтарскага матэрыялу на цэлую праграму не набіраецца. Але выйсьце ёсьць. Міхалок працягвае шукаць натхненьня ў беларускай паэзіі пачатку XX стагодзьдзя – і тут чарговы посьпех: “Будзь сьмелым” на словы дарэвалюцыйнага Купалы тут безумоўна адзін з самых магутных нумароў. Brutto таксама сілкуюцца з The Clash (кавэр на “London calling” з заменай Лёндана на Маскву – адлегла, а то спачатку ўявіўся кавэр на Gorky park), шатляндзкіх народных напеваў (“Гары” – бліскучы і надзённы нумар) ды ўласна ранейшага даробку Міхалка (на дыску дзьве песьні з часоў позьняга “Ляпіса”). Вось бы яшчэ Сяргей дамовіўся зь Лявонам ды перасьпяваў “Партызанскую” – дужа па тэме было б. З уласна новага свайго тут надзвычайную вартасьць уяўляе найперш “Родны край”: лірыка, канечне, на ўзроўні 17-гадовага раззлаванага на сьвет падлетка, але тым і бярэ. Наогул, прыватны аповед, у якім вядзецца пра комплексы, крыўды, асабістыя перажываньні ды маральныя пакуты, у Міхалка найбольш кранальна выходзіць па-беларуску (згадаем яшчэ ранейшы нумар “Цмок ды арол”). І ў гэтым раскрыцьці дапамагае слабае веданьне мовы: аўтар як бы абнуляецца і вучыцца наноў выказваць свае думкі. Прыкрыцца іроніяй, напусьціць славеснага туману ды накінуць маску ён проста ня ў змозе.

У музычным пляне Brutto слухаць няпроста. І справа тут не ў наўмысным прымітывізьме – ясна, што гэта панк-рок і што разгарнуць свае ўменьні, напрыклад, гітарысту гурта Паўлу Трацяку тут няма як. Але пры ўсім задоры “Роднага краю”, адчуваецца, што згас у творчасьці Міхалка той самы агонь, які запальваўся калісьці агульнымі высілкамі музыкаў зь “Ляпіса Трубяцкога” (тая самая бяда, дарэчы, у сольнага Вольскага ў альбоме “Грамадазнаўства” – зьнік “энэрэмаўскі” музычны нэрв). Стылістычны ды ідэйны складнік “Ляпісаў” мог зьмяняцца, але заўжды заставаўся той самы кручок, на якім усё трымалася – таму ад гурту што ўзору 1997 году, што 2011-га сыходзіла шалёная энэргетыка. Цяпер жа Міхалок з кампаніяй гучаць, проста скажам, незахапляльна. І калі на самім альбоме гэтая праблема трохі згладжаная – пісалі і зводзілі яго ўсё ж лютыя майстры, то на жывых выступах гэты скамечаны няўцямны гук проста забівае.

Але справа ня ў песьнях і ня ў саўндзе. Brutto мае нашмат шырэйшыя межы, чым проста музычны гурт. Гурт працуе у фармаце рэаліці-шоў, і глядзець яго як мінімум цікава. Наогул жа Міхалок і К увасабляюць героя гэтага адрэзку часу. Ён дзёрзкі і рэзкі, але пры гэтым сэнтымэнтальны і ранімы. Ён абсалютна вольны ў сваіх дзеяньнях, але не ідзе ў поўны адрыў. Ён умее прадаць сябе, але пры гэтым нікому не прадацца. Ён ведае, як кіраваць інфармацыйнымі плынямі і пастаянна трымацца на плыву. Ён здольны прыгожа распавесьці сваю гісторыю і зачараваць ёю астатніх. І калі ён сказаў “Джа Растафарай”, значыць, так і трэба.

Ідэя: 8 / Выкананьне: 6 / Тэксты: 8 / Запіс: 10 / Аздабленьне: 10 / (Сяргей Будкін)

 

Источник: budzma.by


Дата: 28.09.2016 20:39 | Ошибка?




Добавить комментарий